Ужо амаль два з паловай гады ў Беларусі не спыняюцца рэпрэсіі, а сітуацыя з правамі чалавека пагаршаецца з кожным днём. У 2022 годзе сілавікі пры затрыманні працягвалі збіваць і катаваць людзей і нават выкарыстоўвалі зброю: стралялі ў «рэйкавых партызанаў» і ў хатніх жывёл затрыманых. З пачаткам вайны ва Украіне ўлады пачалі актыўна пераследаваць беларусаў за антываенныя пратэсты. Праваабарончы цэнтр «Вясна» распавядае, з якімі выпрабаваннямі падчас адміністрацыйнага пераследу сутыкнуліся беларусы ў мінулым годзе, як іх катавалі і за якія абсурдныя прычыны іх кідалі за краты і штрафавалі.
Па дадзеных, якія маюць праваабаронцы, агулам за 2022 год было затрымана не менш за 6381 чалавек — гэта 17 чалавек у дзень. Сярод іх амаль паўтары тысячы — жанчыны, яшчэ каля пяці тысяч — мужчыны. Таксама вядома пра затрыманне як мінімум 15 непаўнагадовых.
Большасць затрыманняў прыйшлася на Мінск — 3334 чалавекі. Далей па колькасці затрыманых ідуць Брэсцкая і Гомельскія вобласці — 683 і 682. Менавіта ў гэтых рэгіёнах сілавікі актыўна пераследавалі мясцовых жыхароў за пратэсты супраць вайны ва Украіне, а таксама за фотаздымкі расійскай вайсковай тэхнікі.
«Вясна» мае звесткі пра мінімум 3272 судовыя рашэнні. Беларускія суды прызначылі не менш за 938 штрафаў на агульную суму ў 888 224 рублі (амаль 325 тысяч даляраў). Таксама суддзі прызначылі не менш за 2 274 арышты. Агулам у ізалятарах за год беларусы адбылі 28 804 сутак (амаль 78 гадоў). Пры гэтым, па дадзеным праваабаронцаў, суддзі па розных прычынах спынілі толькі 47 справаў.
Нягледзячы на тое, што большасць судоў адбываецца ў Мінску, суддзі ў рэгіёнах працягваюць «канвеерам» адпраўляць людзей за краты. У гэтым годзе сілавікі ладзілі масавыя «рэйды» ў розных гарадах Беларусі, пасля якіх мясцовыя суддзі прызначалі жыхарам велізарныя штрафы і арышты. Таму ў наш спіс «самых рэпрэсіўных суддзяў» трапілі не толькі мінскія, але і суддзі з рэгіёнаў.
Так, напрыклад, суддзя Наваполацка Зінаіда Балаболава вядома сваімі жорсткімі рашэннямі ў дачыненні да старшыні незалежнага прафсаюза «Нафтан» Вольгі Брыцікавай, актывістцы Ганны Тукавай, актывіста Андрэя Галавырына і супрацоўнікаў «Нафтана».
Суддзя Іванаўскага раёна Генадзь Кудласевіч судзіў мясцовых жыхароў пасля масавага хапуна ў горадзе. Тады падчас аднаго з працэсаў ён абурыўся і нават пачаў крычаць на затрыманую, бо не разумеў, чаму яна не адчыняла брамку невядомым людзям у чорным адзенні.
Цягам некалькіх месяцаў у Баранавічах працягвалася хваля рэпрэсій. Мясцовых жыхароў выклікалі на «прафілактычныя гутаркі», прымушалі праходзіць паліграф і здаваць біяматэрыялы, выклікалі на допыты і арыштоўвалі за «распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў». Па рашэннях суддзяў Аксаны Капач і Іны Паўлоўскай дзясяткі чалавек былі асуджаныя да арыштаў і велізарных штрафаў.
Вядомая сваімі жорсткімі прысудамі па крымінальных справах суддзя Мазырскага раёна Галіна Кніжонак таксама часта разглядае і адміністрацыйныя «палітычныя» справы. Так, напрыклад, яна ў лістападзе адправіла на «суткі» палітвязня Глеба Койпіша, які адбывае тэрмін на «хіміі». Яна прызнала яго вінаватым у «распаўсюдзе экстрэмісцкіх матэрыялаў» паводле арт. 19.11 КаАП.
Суддзя Раман Карабан працуе ў судзе Маскоўскага раёна Брэста. Ён судзіць берасцейцаў за рэпосты з «экстрэмісцкіх каналаў», а таксама за «пікетаванне» БЧБ-налепкай на аўтамабілі.
У Гродне адна з «палітычных» суддзяў — Ганна Леўсік. У лютым мінулага году яна аштрафавала гарадзенку Таццяну Саўко на 800 рублёў за «распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў». Пры гэтым у матэрыялах справы было шмат памылак, але суддзя не звярнула на гэта ўвагі.
Адным з самых «рэпрэсіўных» суддзяў Мінска з’яўляецца Дзмітрый Карсюк. У лютым 2022 ён асудзіў студэнта пятага курса БНТУ Мікалая Антаневіча за тое, што той фатаграфаваў жанчыну з плакатам «Спыніце вайну» і блакітна-жоўтымі балонікамі. Суддзя Карсюк прызнаў вінаватым Мікалая паводле арт. 24.3 КаАП (непадпарадкаванне супрацоўнікам міліцыі) і арыштаваў яго на 15 сутак.
Суддзя Ленінскага раёна Мінска Юлія Шут часта разглядае адміністрацыйныя справы паводле палітычных артыкулаў. Акрамя гэтага, яна судзіла людзей за ўдзел у антываенных мітынгах пасля масавых затрыманняў 27 лютага.
Суддзя Марыя Ярохіна вядома тым, што на судовых працэсах не звяртае ўвагі на заявы пра збіванні і катаванні, а кажа, што гэта не мае дачынення да справы. Яна таксама «канвеерам» судзіць беларусаў за рэпосты і «дробнае хуліганства».
Два гады ўлады актыўна выкарыстоўваюць «перазатрыманні» для дадатковага ціску на затрыманых. Былыя арыштанты называюць гэта «каруселлю» — калі чалавека не выпускаюць на волю пасля «сутак», а перазатрымліваюць паводле новага пратакола. Такім чынам людзей могуць утрымліваць за кратамі без сродкаў гігіены і зменнай бялізны па некалькі месяцаў. У мінулым годзе праваабаронцам стала вядома пра чатыры самыя гучныя такія выпадкі.
Багамольнікаў — выкладнік Мінскай духоўнай акадэміі, праваслаўны святар. У 2020 годзе ён праводзіў службу на «Плошчы Перамен» па Раману Бандарэнку, таксама Багамольнікаў абвяшчаў галадоўку ў падтрымку палітвязня Ігара Лосіка. Святар быў затрыманы супрацоўнікамі ГУБАЗіКа 31 жніўня і правёў на Акрэсціна 100 сутак адміністрацыйнага арышту паводле сямі пратаколаў. Кожны раз яго судзілі за перасыл паведамленняў з «экстрэмісцкіх» каналаў у прыватнай перапісцы. Вядома, што за кратамі Уладзіслаў трымаў галадоўку і перахварэў на кавід. У выніку святара вызвалілі, але ўзбудзілі крымінальную справу.
Старшыню незалежнага прафсаюза «Нафтан» Брыцікаву першы раз затрымалі 27 лютага. Пасля гэтага на яе склалі пяць пратаколаў паводле «народных» артыкулаў, па кожнаму з якіх суддзя Зінаіда Балаболава прызначыла ёй па 15 сутак арышту. Пасля 75 сутак Вольга выйшла на волю, але ў пачатку лістапада была затрымана зноў. Яе двойчы запар асудзілі да 15-сутачнага арышту. Некалькі дзён Вольга трымала галадоўку. Прычынай такога ўчынку стала парушэнне яе правоў, а таксама адмова супрацоўнікаў ізалятара перадаваць ёй перадачы ад сваякоў.
За 2022 год Брыцікава правяла за кратамі 105 сутак — з іх вясной 75 сутак запар.
Наваполацкага актывіста затрымалі 15 чэрвеня і змясцілі ў Наваполацкі ЦІП. Пасля гэтага над ім прайшлі шэсць судоў за падпіску і рэпосты з «экстрэмісцкіх» каналаў (арт. 19.11 КаАП). Кожны раз суддзя Балаболава арыштоўвала актывіста на 15 сутак. Яшчэ падчас першага арышту мужчына перанёс гіпертанічны крыз.
Мінчука затрымалі прыкладна ў сярэдзіне сакавіка і з таго часу каля 85 сутак утрымлівалі на Акрэсціна. Вядома, што апошні суд па адміністрацыйнай справе адбыўся 31 траўня ў судзе Маскоўскага раёна Мінска. Справу тады разглядаў суддзя Сяргей Кацэр. У Мінскім гарадскім судзе 12 снежня мужчыну асудзілі да двух гадоў калоніі паводле двух артыкулаў Крымінальнага кодэкса: ч. 1 арт. 130 (распальванне іншай сацыяльнай варожасці) і ч. 1 арт. 342 (актыўны ўдзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак).
Праваабаронца Наста Лойка была затрымана 28 кастрычніка 2022 года. Да гэтага яна адбывала 30 сутак паводле двух іншых адміністрацыйных арыштаў. Пасля затрымання з’явілася «пакаяльнае відэа», дзе Наста «прызнаецца» ў тым, што нібыта «атрымлівала фінансаванне ад замежных арганізацый». Пасля затрымання яе чатыры разы запар асудзілі за «дробнае хуліганства» паводле арт. 19.1 КаАП. На адным з судоў праваабаронца распавядала пра катаванні — супрацоўнік ГУБАЗіК ударыў яе электрашокерам, а адзін з супрацоўнікаў ЦІП вывеў яе ва ўнутраны двор і пакінуў без вопраткі на 8 гадзін.
Напрыканцы снежня палітзняволенай праваабаронцы выставілі абвінавачванне паводле двух артыкулаў: вядома, што адзін з іх — арт. 342 КК.
Увесь 2022 год праваабаронцы дакументавалі факты катаванняў і бесчалавечага абыходжання. «Вясне» вядомыя выпадкі, калі беларусаў пры затрыманні збівалі дубінкамі, патэльняй, электрашокерам, металашукальнікам і берцамі. Людзям на галаву надзявалі вядро для смецця і матацыклетны шлем і білі па іх дубінкамі. Часта, каб прымусіць людзей даваць паказанні, сілавікі б’юць іх электрашокерам. Пасля масавых арыштаў за ўдзел у антываенным мітынгу людзей не толькі збівалі падчас затрыманняў, але і катавалі наўпрост на Акрэсціна: пускалі газ з балончыка па вентыляцыі ў душы; супрацоўнікі хадзілі па людзях, тапталі нагамі па спіне; затрыманых выводзілі на калідор і збівалі.
Вядома, што ў мінулым годзе сілавікі актыўна выкарыстоўвалі зброю: стралялі на паражэнне па «рэйкавых партызанах» і спрабавалі застрэліць сабак затрыманых.
Самым гучным выпадкам выкарыстання зброі сілавікамі ў 2022 годзе з’яўляецца затрыманне рэйкавых партызанаў. У ноч на 30 сакавіка пры сілавой падтрымцы САХРа былі затрыманыя трое «рэйкавых партызанаў» з Бабруйску. МУС тады паведаміла, што «падчас затрымання мужчыны аказалі актыўны супраціў і паспрабавалі ўцячы». Сілавікі ўжылі зброю на паражэнне. Адзін з затрыманых паранены і знаходзіцца ў лячэбнай установе. Іншым аказана меддапамога на месцы. На фота, якое апублікавала МУС, верагодна, Уладзімір Аўрамцаў.
Источник: Zerkalo