З Беларусі Лявон Вольскі з’ехаў летам 2021 года — спачатку на шэраг запланаваных канцэртаў, але гастролі крыху зацягнуліся. Музыкант працягвае вандраваць па розных краінах з акустычнымі канцэртамі, абяцае хутка выдаць новы альбом і філасофскі ставіцца да магчымых ваенных падзей ў Еўропе. Пагутарылі з ім пра эміграцыю, вайну і творчасць, змены ў беларусах і песню, якую Лявон Вольскі зайграе ў «той самы дзень».
— З моманту вашага ад’езду з Беларусі прайшло каля года. Як вы ўспрымаеце сваю эміграцыю?
— А мы пакуль не ўспрымаем гэта як эміграцыю, — кажа Лявон пра сябе і сваю жонку Яну. — Можа, гэта такія абаронныя сілы арганізму. Адчуванне, што мы знаходзімся на зацягнутых гастролях. Тым больш, у нас пастаянна розныя справы, не сядзім на адным месцы. Атрымліваецца, што мы стасункі з Радзімай паставілі на паўзу, але ўсё роўна — шмат якія рэчы дагэтуль не перавозілі.
Яшчэ летам мінулага году, калі мы паехалі граць канцэрты, увесь час хацелі вярнуцца, але нешта гэтаму замінала. То былі нейкія справы, то ў Беларусі пачыналіся рэпрэсіі супраць музыкантаў. Гэта ўсё адцягвала вяртанне, а потым з’явілася столькі справаў, што ўжо цяжка знайсці час, каб наведаць Радзіму.
— І разумення, што гэта ўсё доўгая эміграцыя, няма?
— Не, такога не адчуваю. Я і раней выязджаў на досыць доўгія тэрміны. Гэты, праўда, найдаўжэйшы, ужо год цягнецца. Але паколькі ты змяняеш краіны, пастаянна бачыш штосьці новае, усё гэта можна залічыць як цікавае падарожжа. Але ж натуральна, па Беларусі сумуеш. Напэўна, больш па беларускай прыродзе, вясковых ландшафтах.
— Зараз вы граеце канцэрты ў розных краінах: Літва, Польшча, Чэхія, і збольшага вас прыходзяць паслухаць беларусы. Наколькі моцна гэтыя выступы адрозніваюцца ад тых, што былі ў Беларусі?
— Глабальнага адрознення не бачу, беларусы досыць падобныя ва ўсім свеце. І зараз яны гавораць прыкладна адно і тое ж: калі можна будзе вярнуцца дамоў, калі скончыцца вайна. Але на канцэртах людзі пазітыўныя, у іх ёсць такая «калектыўная надзея» (смяецца). Але я тут не крытэр, бо заўсёды казаў, што такая сітуацыя ў краіне ненадоўга. Але я так казаў у 2006 годзе, і ў 2010-м. Мяне апраўдвае толькі тое, што ў кантэксце сусветнай гісторыі 10 гадоў — і праўда нічога.
Калі казаць пра саміх беларусаў замежжа, сярод іх ёсць такая пойма людзей, якія выехалі нядаўна, а да 2020 году не займаліся ніякімі грамадска-палітычнымі справамі. А тут яны ўцягнуліся ў пратэсты, і паўстала неабходнасць выязджаць. І вось яны дагэтуль застаюцца досыць актыўнымі. Як мне сказалі ў Беластоку, ніхто раней па-беларуску не размаўляў, а цяпер яны пачалі гаварыць, аддаваць дзяцей у беларускамоўныя садкі і школы.
То бок расце новая генерацыя маленькіх беларусаў. І я гэтаму вельмі рады, таму што раней за мяжой людзі былі досыць пасіўнымі, а большасць тых, хто выехаў, наогул не пачувалі сабе беларусамі. Напрыклад, у Злучаных Штатах яны прыбіваліся да ўкраінскай эміграцыіі, да расійскай. А цяпер — куды не прыязджаеш, досыць вялікая колькасць беларусаў, якія гавораць па-беларуску.
— Калі разважаць пра саміх беларусаў і тыя змены, якія адбыліся ў іх за апошнія некалькі год, відавочна, што дагэтуль працягваецца выказванне незадаволенасці. Мы бачылі пратэсты на рэферендуме, рэйкавых партызанаў, і ўсё гэта нягледзячы на рэпрэсіі і больш за 1200 палітзвязняў. Адкуль у людзей сілы рабіць гэта зараз?
— Па-першае, гэтая сітуацыя вельмі адрозніваецца ад 2006 і 2010 гадоў. У шостым годзе быў студэнцкі моладзевы пратэст на плошчы. Людзі выходзілі два дні, а потым пачалі разыходзіцца. Студэнты і моладзь засталіся ў намётах, усе іх падтрымлівалі, музыкі тады хадзілі на плошчу штовечар, як на працу. Але ў рэшце рэшт гэта быў досыць вузкі моладзевы пратэст, які быў задушаны.
У 2010 годзе пратэст быў больш масавы, але гэта быў адзін вечар. Потым усё разагналі, і ўжо не было ніякага руху. На наступны вечар выйшлі пара чалавек з плакатамі, але да іх падышлі ўпаўнаважаныя людзі: «Хлопцы, давайце вы дахаты». Пратэст, які пачаўся пасля — інтэрнэт-пратэст, творчы пратэст — гэта каштоўна, бо ён паказваў, што ёсць грамадскае абурэнне. Гэта і прывяло да так званай лібералізацыі ў 2017 годзе.
Але тое, што было цяпер, немагчыма параўнаць. Паўсталі ўсе гарады, нават гарадскія пасёлкі, паўсюль была грамадзянская актыўнасць. Яна была справакаваная каранавірусам і памылковай палітыкай уладаў, калі яны да гэтага ніяк не паставіліся: «Захварэў — ну і сам шукай, як ачуняць». І людзі вырашылі: калі ім дадзена права самім ратаваць сваё жыццё, так і будуць рабіць. Яны сталі валанцёрыць, і пачалася інтэграцыя і аб’яднанне — а ўлада якраз вельмі доўгі час працавала, каб гэтага не было. Каб не было двароў, знаёмых паміж сабой суседзяў, каб кожны проста займаўся сваёй сям’ёй, блізкімі і роднымі. Каб не было размоваў пра грамадства і палітыку, кожны быў сам па сабе.
— То бок менавіта гэтае яднанне дазволіла людзям дагэтуль працягваць барацьбу?
— Безумоўна. І гэтыя вялікія народныя массы і натхнілі на працяг пратэсту. Шмат хто быў змушаны з’ехаць, і яны ўжо з-за мяжы працягваюць змаганне. І ўнутры краіны таксама — калі ўлады думаюць, што гэта ўсё можна задушыць і ўтрымаць уладу такім чынам, то гэта вельмі цяжка зрабіць.
Вядома, ёсць група людзей, якім усё роўна, яны працягнуць займацца сваім дабрабытам. Яны былі не там і не там — безумоўна, спачувалі пратэсту, разумелі, што далей у такім існаванні не мае сэнсу, але ўсё роўна былі асцярожныя і памяркоўныя. Але гэтая частка людзей ніколі нічога не вырашала.
А людзі, што актыўна ўдзельнічалі, раней таксама належалі да гэтай масы, якая нічога не вырашала. Яны проста не звярталі ўвагі на тое, што адбываецца ў краіне. Але тут яны абудзіліся, шмат у каго расплюшчыліся вочы. І ўсё кардынальна змянілася.
— У лютым карціна свету змянілася амаль кардынальна. Ці думалі вы, што вайна сапраўды будзе?
— Ясна, што ўсё прадчувалася, але здаровы сэнс адмаўляўся гэта прымаць. Было разуменне, што гэтая вайна нікому непатрэбная, і перш за ўсё — самой краіне-агрэсару. Ідзе зусім бессэнсоўная і абсурдная вайна. Тыя, хто нападаюць, ваююць за пральную машыну і новый айфон — гэта максімум матывацыі, якая можа быць. Альбо яны проста абалваненыя і сапраўды недзе шукаюць нейкіх фашыстаў (смяецца). Гэта толькі падкрэслівае накал абсурду.
— Якім было вашае 24 лютага?
— Мы тады былі ў Германіі, прыехалі ў Берлін — і з’явілася навіна, што Расія будзе прызнаваць гэтыя непрызнаныя нікім «квазі-дзяржавы» (смяецца). Потым прыехалі ў Варшаву, і на раніцу пачалася вайна. Для мяне гэта было чакана — бо гэтыя ідыёты могуць зрабіць усё, што хочаш.
— У вашым рэпертуары значная частка песен так ці інакш датычыцца ваеннай тэматыкі: «Гэта вайна», «Партызанская», «Сэрца паўстанца», «То ня дудка» ды іншыя. Ці не дзіўна вам разумець, што тое, пра што вы спявалі столькі год, зараз адбываецца насамрэч?
— У мяне і раней былі адчуванні, што гераічная беларуская гісторыя хутчэй за ўсё будзе паўтарацца. І песні пра змаганне ў мяне яшчэ з «Мроі», з самага першага праекту — там была песня «Вайна». Усё стылізаванае, прыдуманае, але цяпер гэта выглядае рэчаіснасцю, без усялякіх перабольшванняў. Хаця было напісана каля 80-х, калі і блізка не было ніякіх перадумоваў.
У суседняй краіне ідзе сапраўдная гарачая вайна. Але не трэба адмаўляць і тое, што ў нашай краіне ў 2020 годзе было становішча, вельмі падобнае да вайны. Проста народ вырашыў не ўжываць зброі і гвалту супраць гэтых людзей. Але яны і на той час, і цяпер дзейнічаюць як ва ўмовах вайны: спакойна страляюць без дай прычыны. Усе пашкоджанні або забойства людзей — ужыванне зброі ў тых выпадках не было неабходным. Таму можна сказаць, што мы перажылі вайну. Безумоўна, ракеты не ляцелі, будынкі не гарэлі. Але было прадчуванне, што і гэта магчыма. Бо ў мяне ніколі не было ілюзій, што тыя людзі, якія акапаліся ва ўладзе апошнія дзесяцігодзі, скажуць: «Ах, так шмат пратэстоўцаў, усё, я падаю ў адстаўку!»
Можа быць, гэтая ўнутраная напруга і дыктавала такі падыход да песень. «Мы партызаны, лясныя браты» — вось гэтую песню можна прыцягнуць да нашых умоваў. Ды і ў 1996-м, калі я яе напісаў, не было спакою: масавыя мітынгі, людзі перакульвалі машыны, кідаліся камянямі. І АМАП адступаў пад націскам. З таго часу гэтае напружанне нікуды не падзелася — проста вялікая частка народу сказала: «Ай, ладна, раз так не атрымліваецца, будзем займацца сям’ёй».
Источник: Zerkalo