З Марынай Адамовіч мы гутарым у дзень, калі Вярхоўны суд разглядаў апеляцыю яе мужа, палітвязня Мікалая Статкевіча. Марына садзіць памідоры, размаўляе запыхана, і тады здаецца, быццам яе жыццё сапраўды нічым не вылучаецца сярод спакойных будняў. Але нам даводзіцца перарваць размову, бо жанчыне трэба збірацца на абвяшчэнне прысуду па апеляцыі. «Не паспяваю нічога: мне і пасадзіць усё трэба, і вось туды з’ездзіць трэба…». Здаецца, быццам для яе гэта ўжо звычайная справа — за паўгадзіны мяняць мірнае жыццё на суд, апеляцыі і перадачы ў СІЗА. Аднак сама яна пратэстуе: прызвычаіцца да той несправядлівасці, якую яна перажывае разам з Мікалаем ужо шмат гадоў, немагчыма. Адзінае выйсце — змагацца і быць шчаслівай, нягледзячы ні на што. Пра тое, што значыць быць жонкай палітыка і палітвязня, блог «Отражение» пагутарыў з Марынай Адамовіч. Мы перадрукоўваем гэты тэкст.
З самага пачатку размовы Марына акрэслівае: гаварыць пря сябе ёй няёмка і нязручна. І ўвогуле — «навошта мне распавядаць пра сваё жыццё?» Справа не ў тым, што распавесці няма чаго. Наадварот, Марына лічыць, што проста жыве як павінна — а ці магло быць інакш?
— Зараз вельмі, вельмі цёмны час, і нават самы стойкі чалавек і «энерджайзерная батарэйка» могуць разрадзіцца. Але ж усё мінае: калі ты стаіш роўна, шансаў, што твой вораг здрыганецца, нашмат больш, — спакойна і ўпэўнена разважае яна.
Такія перакананні, па словах Марыны, з’явіліся ў яе ў дзяцінстве. Яна нарадзілася ў Вілейцы, аднак адтуль яе сям’я хутка пераехала у Мінск.
— Мае бацькі вельмі любілі Вілейшчыну, а я вельмі люблю сваю сям’ю і сваіх бацькоў. Нягледзячы на тое, што іх ужо даўно няма на гэтым свеце, я памятаю пра іх кожную хвіліну, яны мяне вельмі падтрымліваюць, — расказвае Марына. — Яны, як і ўсе дзеці ваеннага пакалення, мелі дастаткова цяжкае дзяцінства, рана засталіся сіротамі, але абодва прабілі свой шлях і атрымалі па дзве вышэйшыя адукацыі. Мама ўсё жыццё прапрацавала ў школе — была дырэктарам і завучам, выкладала рускую мову і літаратуру. Але напрыканцы 1980-х, калі я захапілася беларушчынай, яна зрабіла дастаткова нечаканы крок і таксама вырашыла выкладаць беларускую мову. Сказала, што нарэшце адчула палёгку і апынулся на сваім месцы. Яна звычайна не выказвала нейкіх палітычных пазіцый, але вось такім учынкам, мне здаецца, шмат пра сябе сказала. Тата ж усё жыццё працаваў цяжка і шмат. Быў і дырэктарам саўгаса, і кіраўніком навучальных устаноў. Яму ніколі не сядзелася на месцы, ён постаянна прыдумляў нейкія праекты.
Па словах Марыны, яе бацькі звычайна публічна не праяўлялі сваю палітычную пазіцыю. Аднак калі «ўсё ў Беларусі завіравала і забурліла», заўсёды падтрымлівалі дачку.
— Злаваліся, баяліся, маглі гаварыць: «Стой, спыніся, застанься дома, куды ты ідзеш?» Але, па вялікім рахунку, яны мяне заўсёды і ва ўсім падтрымлівалі. Зрэшты, як звычайныя бацькі, — дадае Марына. — Адна вядомая беларуская жанчына сказала мне: «Вы — далюбленае дзіцё, і гэта вызначае ваш лёс». Я пагаджуся, што гэта так, і гэта было ўзаемна. Мае бацькі шмат працавалі, мала бывалі дома, здаецца, і не песцілі нас, але любы момант, які яны праводзілі з намі, дзецьмі, быў святам: на рэчцы ці на лузе, у лесе ці ў падарожжы. З імі было цікава. Настолькі, што, нават калі мой бацька быў дырэктарам саўгаса, я спрабавала з ночы легчы спаць у ягонай машыне, каб ранкам паехаць разам з ім.
Марына ўзгадвае, што ў школе яна была выдатніцай і марыла быць лётчыцай. Але ж у выніку мары давялося перагледзець — дзяўчына паступіла ў медыцынскі інстытут. Яна падкрэслівае: яе навучанне прыйшлося як раз на 1980-я, «калі ў Беларусі з’явіліся першыя парасткі беларушчыны».
— Ведаеце, у мяне заўсёды ў галаве было шмат прусакоў і летуценных мар. Я ўсё жыццё марыла шмат падарожнічаць. І першыя мае гады ў інстытуце былі сапраўды студэнцкімі: з будаўнічымі атрадамі, бясконцымі бадзяннямі па Беларусі, — успамінае жанчына. — У гэты час мы спрабавалі гаварыць па-беларуску нават у нашай групе. Тады прыйшло ўсведамленне: у мяне ёсць свой род і свая зямля, за якую я адказваю. І хоць да тагачасных моладзевых беларускіх рухаў я не далучаоася, але ўдзел у іх імпрэзах звычайна прымала.
А вось на пытанне, якія адносіны ў яе былі з палітыкай, Марына смяецца і дадае: «А вы думаеце, да 1988 года яна ў Беларусі была?»
— Аднак вядома, перабудова ў Савецкім саюзе пачалася раней. Я памятаю той ўздым і надзею, якая нас тады ахапіла. Памятаю, як ішла па горадзе, а з адчыненых вокнаў даносіліся гукі паседжанняў Вярхоўнага савета. Гарбачоў прабудзіў у савецкіх людзей, у беларусаў, інтарэс да палітыкі, разуменне, што ўсё можа быць інакш. Думаю, мой канчатковы пераход да беларушчыны адбыўся як раз напрыканцы 1980-х. Тады адна і тая ж ідэя, агульнае спадзяванне нарадзілася ў многіх галовах. З тых часоў цікавасць да гісторыі і будучыні сваёй краіны я ўжо не губляла.
Гэты перыяд Марына Адамовіч узгадвае як час надзеі і спадзявання на хуткія перамены. Шмат хто з людзей успрымае тыя гады «галоднымі і беднымі», а вось яна, наадварот, памятае іх поўнымі радасці.
— Я чакала, што кожны новы дзень прынясе штосьці светлае і класнае. Вядома, тады былі талоны на мыла, гарэлку, абутак, нават калготкі. Я памятаю, што і мы таксама ўсёй кафедрай стаялі ў чарзе за ботамі і хадзілі потым у аднолькавых, «белвестаўскіх», — расказвае Марына. — Але гэта ўсё не засталося ў маёй памяці трагедыяй — я заўсёды больш жыла эмоцыямі, чым знешнімі цяжкасцямі. І калі ты адчуваеш, што ёсць надзея на перамены, што час паскараецца, гэта так цікава! Кожны дзень мы верылі, што заўтра будзе яшчэ круцей, што мы атрымалі нейкі штуршок і здолеем пабудаваць новую цудоўную краіну. Зрэшты рэшт, мы былі вельмі маладымі. Якраз тады пачалі выдавацца гістарычныя кніжкі, хтосьці адкапваў беларускамоўныя творы з нейкіх недраў, пачало з’яўляцца адчуванне асобнасці і асаблівасці сваёй дзяржавы. Шкада, што гэты працэс быў гвалтоўна затарможаны на дзесяцігоддзі, што ён ідзе праз такія пакуты. Але ж мне здаецца, мы павінны былі праз гэта прайсці, каб атрымаць шанец і здолець ім скарыстацца. У 2020 годзе беларусы ў масе сваёй, нарэшце, прачнуліся. І я веру, што гэты працэс стаў незваротным.
Са сваім будучым мужам, Мікалаем Статкевічам, Марына пазнаёмілася напачатку 1990-х. Яна распавядае, што гэта адбылося у вядомым тады сярод «свядомай» моладзі мінскім Доме літаратара.
— На гэты будынак адным з першых новая ўлада «наклала сваю лапу», бо ён шмат значыў для нацыянальнага станаўлення. Там збіраліся не толькі літаратары, але і іншыя вядомыя людзі, якія «хварэлі на беларушчыну». Затым туды падцягнуліся і беларускія вайскоўцы, якія вярталіся ў краіну з розных кропак Саюза, апантаныя ідэяй стварэння нашага войска. Адзін мой сябра пратрубіў мне ўсе вушы, якія ж класны сярод іх хлопец ёсць — Мікалай Статкевіч (акурат тады ён стварыў Беларускае згуртаванне вайскоўцаў). Але я такі чалавек, які са словаў нічога не прымае на веру. Таму пераканался ў гэтым, толькі калі мы пазнаёміліся. Аднак пра асабістае я вам расказваць не буду, — дакладна азначае Марына Адамовіч. — Магу сказаць, што мы заўжды глядзелі ў адзін бок і падтрымлівалі адзін аднаго, і я ніводнага разу не вагалася, ці застануся з ім побач.
Марына Адамовіч адзначае, што кожны выбірае свой лёс. І калі чалавек кагосьці кахае, то нават не дапусціць думку, што можа нейкім чынам спрабаваць яму замінаць.
— Гэта абсурд. Тады гэта пра каханне да сябе, а не да іншага. Мне нават у дурным сне ніколі не магло прыйсці, што можна перашкаджаць Мікалаю займацца тым, чым ён дыхае. Уладзімір Някляеў неяк сказаў, што ў Мікалая Статкевіча ёсць адна па-сапраўднаму каханая жанчына — гэта Беларусь. І тут я цалкам з ім згодная, — лічыць Марына. — Калі людзі глядзяць у адзін бок, гэта ўсё ж такі дае падтрымку, веру і ўсё астатняе. Мы выдатна разумеем, праз што прайшлі, дзе мы жывем і што лёс можа нам рыхтаваць далей. Але нашае асабістае жыццё, наша павага і каханне адзін да аднаго ніякім чынам не выключаюць таго, што важна для кожнага з нас.
Марына Адамовіч узгадвае, што першае «крымінальнае» затрыманне Мікалая Статкевіча здарылася ў 1999 годзе, пасля Марша Свабоды (шэсце, якое прайшло ў адказ на пагрозу стварэння Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі. Мікалай Статкевіч быў адным з арганізатараў акцыі. — Удакл. рэд.). Сённяшняя крымінальная справа — ужо чацвёртая ў ягоным жыцці. Пры гэтым Марына дадае: ніякай дзекабрысткай, якая ідзе ўслед за сваім мужам, яна сябе не адчувае.
— Мікалай заўсёды падтрымліваў усё, што тычыцца майго асабістага выбару, развіцця і перамен. Ведаеце, адна наша сяброўка запыталася ў мяне недзе паміж 2010 і 2015 годам, ці не баюся я за сябе. І я ёй адказала: няўжо варта разбураць сваё жыццё проста тым, што ты баішся? Трэба жыць, а не атручваць жыццё думкамі пра тое, што можа здарыцца з табой далей, — дзеліцца жанчына. — Я не жыву катэгорыямі выпрабаванняў, пакутаў, не лічу сябе ні ахвярай, ні няшчасным чалавекам. Я шчаслівая. Кажуць, Гасподзь не дае больш выпрабаванняў, чым мы можам вынесці. Вядома, тое, як ты выходзіш з такога становішча, залежыць ад таго, якія стасункі ў тваёй сям'і, ступень паразумення. Я ведаю, што і Мікалай адчувае маю падтрымку, што гэта дапамагае яму стаяць роўна гадамі і дзесяцігоддзямі. Калі ты ведаеш, што ў цябе ёсць хтосьці, на каго можна абаперціся, гэта вельмі важна. Але Мікалай сам настолькі цэльны і моцны чалавек, што нават калі б ён застаўся адзін супраць усяго свету, гэта не было б для яго нагодай ісці за дрэнным прыкладам.
Источник: Zerkalo