Алесь Бяляцкі, беларускі праваабаронца, лаўрэат Нобэлеўскай прэміі міру, больш за год знаходзіцца ў зняволенні, як і яго калегі з праваабарончага цэнтру «Вясна». Для родных палітвязняў гэта таксама вялікае выпрабаванне. Беларуская асацыяцыя журналістаў паразмаўляла з Наталляй Пінчук, жонкай Алеся Бяляцкага, пра цану высокай міжнароднай адзнакі, вернасць ідэалам і месца сілы нобелеўскага лаўрэата.
— У 2021 годзе было відавочна, што агульная сітуацыя пагаршаецца. Ці размаўлялі вы з Алесем пра гэта, пра магчымыя варыянты яго дзеянняў?
— Ці чакалі арыштаў? Зразумела, Алесь ведаў пра магчымае развіццё падзей. Ды і не толькі ён. Усе гэта разумелі. І размовы былі пра гэта, і не толькі са мной. Сітуацыя вымушала яго прыняць рашэнне. Алесь ад самага пачатку сказаў, што нікуды не з’едзе. На той момант ужо былі арыштаваныя яго калегі-праваабаронцы. Немагчыма было з’ехаць, кінуць людзей. Ён адчуваў адказнасць, маральную адказнасць за людзей, таму заставаўся ў Беларусі, па сутнасці ў чаканні арышту.
Праваабарончы цэнтр «Вясна» паўстаў у 1996 годзе. Алесь Бяляцкі стварыў яго ў тым ліку з людзьмі, якія да гэтага працавалі з ім і пад яго кіраўніцтвам у музеі Максіма Багдановіча. То бок з некаторымі калегамі яго звязвае больш за дваццаць гадоў сумеснай працы.
Вось як Алесь Бяляцкі пісаў у эсэ пра гісторыю стварэння праваабарончага цэнтру «Вясна» ў 1996 годзе:
«Напалоханыя грамадскай актыўнасцю ўлады пачалі перашкаджаць нават у правядзенні чыста культурніцкіх акцыяў. Так, 25 траўня ў дзень памяці Максіма Багдановіча каля ягонага помніка, дзе традыцыйна збіраліся людзі і музей Максіма Багдановіча праводзіў імпрэзу з выступамі і музычнай часткаю, былі затрыманыя некалькі чалавек, а на мяне, на той час яшчэ дырэктара музею Максіма Багдановіча, як на арганізатара «несанкцыянаванай акцыі» склалі пратакол і спрабавалі асудзіць. Такі быў пачатак дзейнасці праваабарончага цэнтра «Вясна».
Канчаткова рашэнне пра стварэнне самастойнай праваабарончай арганізацыі наспела неўзабаве, калі на адным з мітынгаў я падышоў да кіраўнічкі Беларускага Хельсінкскага камітэта Таццяны Процька і спытаўся, чаму яны не дапамагаюць матэрыяльна Славаміру Адамовічу, які на той час сядзеў ужо ў віцебскім СІЗА. Хельсінкскі камітэт быў яшчэ зусім малады. Ён стварыўся ўвосень 1995 года. У Славаміра была адна толькі маці, якая жыла на вёсцы і не мела істотных матэрыяльных даходаў. Натуральна было, што яго трэба было падтрымліваць перадачамі. Таццяна адказала, што Хельсінкскі камітэт ставіць больш шырокія задачы і не займаецца індывідуальнай дапамогай сядзельцам.
На гэтым жа мітынгу я пахадзіў сярод удзельнікаў і пазбіраў грошы на дапамогу Славаміру. Там жа знаходзілася і ягоная маці. Усе сабраныя грошы былі перададзеныя ёй. А я вырашыў, што калі Хельсінкскі камітэт не лічыць патрэбным гэтым займацца, значыць, гэтым будзем займацца мы. Таксама ад самага пачатку я пачаў ствараць хроніку рэпрэсаваных, першы варыянт якой з'явіўся ў кніжцы «Мінская Вясна — 96», а затым яна рэгулярна папаўнялася ў «Беларускіх ведамасцях », якія на эміграцыі пачаў выдаваць Зянон Пазьняк.
Фіксацыя парушэнняў правоў чалавека стала адной з галоўных задачаў ПЦ «Вясна». Пасля некалькіх месяцаў працы Таццяна Процька прапанавала мне ачоліць Мінскую гарадскую арганізацыю БХК. Але, параіўшыся з Вінцуком Вячоркам, я вырашыў не кідаць спробы стварэння самастойнай праваабарончай арганізацыі. Як паказваюць апошнія пятнаццаць гадоў нашай дзейнасці, гэта быў правільны шлях».
— Сітуацыя ў нас не тая, каб быць проста функцыянерам, адпрацоўваць рабочы дзень з 9 да 18 і на тым сканчаць сваю працу, — каментуе стаўленне да справы жыцця Алеся Наталля Пінчук. — Тое, чым займаўся Алесь, канешне, вымагала вялікіх сілаў, гэта заўсёды быў ненармаваны дзень, а часам і ноч. Таму ён ствараў калектывы не проста аднадумцаў, а людзей, якія гэтак жа глядзелі на працу, на агульную справу і гэтак жа сама былі ей аддадзеныя. Мне здаецца, што толькі з такім падыходам і можна было нешта рабіць.
— Наталля, вы — жонка Нобелеўскага лаўрэата. Якая цана гэтай прэміі?
— Цана гэтай прэміі? Я б не казала пра цану прэміі, бо прэмію не зарабляюць, гэта хутчэй ацэнка дзейнасці Алеся і ўсіх праваабаронцаў. За гэтым стаяць адсідкі, турэмныя зняволенні. Журналісты падлічылі, што Алеся затрымлівалі больш за дваццаць разоў. Сумная статыстыка. Гэта цяжкая праца, гэта і ёсць яго жыццё.
Алесь Бяляцкі ўжо быў палітычным зняволеным. 4 жніўня 2011 года яго арыштавалі пасля таго, як Літва і Польшча перадалі ўладам Беларусі звесткі пра банкаўскія рахункі на сваёй тэрыторыі. Бяляцкага абвінавацілі ва ўтойванні прыбыткаў у асабліва буйным памеры. 24 лістапада 2011 года асуджаны Першамайскім раённым судом Мінска на 4,5 года калоніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасці. Сваёй віны не прызнаў, заявіўшы, што ўсе грошы з рахункаў ішлі на праваабарончую дзейнасць. Краіны Еўрасаюзу, ЗША і міжнародныя праваабарончыя арганізацыі прызналі палітвязнем, а прысуд — палітычна матываваным. Адбываў пакаранне ў жодзінскай турме і бабруйскай калоніі. Вызвалены праз амністыю.
«Ён (Алесь. — Рэд.) ведаў, што можа трапіць за краты, яшчэ з 1983 года, калі пачаў прымаць удзел у дзейнасці маладзёжных суполак, якія ставілі сабе за мэту незалежнасць Беларусі. «Мне сказалі: «Хочаш змагацца за Беларусь? Мусіш тады вызначыцца, — узгадваў падзеі 80-х гадоў праваабаронца. — Ёсць хлопцы, і мы хочам змагацца за Незалежнасць Беларусі, але гэта небяспечна. У нас падпольная структура, і мы ўсё будзем рабіць патаемна. І змагацца за Незалежнасць», — згадвае ў эсэ да 20-годдзя «Вясны» пісьменніца, праваабаронца Паліна Сцепаненка.
Источник: Zerkalo