Сёння, 9 снежня, спаўняецца 130 год з дня нараджэння Максіма Багдановіча. Калі паэзія можа лякаваць і падтрымліваць, — то цяпер яна патрэбна як ніколі.
«Хто мы такія? Толькі падарожныя, – папутнікі сярод нябёс. Нашто ж на зямлі Сваркі і звадкі, боль і горыч, Калі ўсе мы разам ляцім Да зор?» — прыгадаем знакаміты радок з верша класіка «Я хацеў бы спаткацца з Вамі на вуліцы…».
«Ёсць пэўныя рэчы, якія былі і будуць, незалежна ад майго існавання ці існавання нейкіх там дзіўных людзей у дзіўных касцюмах», — лічыць літаратурны крытык Ціхан Чарнякевіч. У інтэрв’ю з вядомым знаўцам творчасці беларускага класіка аглядальніца Reform.by пагутарыла пра сілу і сучаснасць касмічнага Багдановіча нават у жорсткай рэальнасці 2021- га.
— Ціхан, у мінулым годзе, калі святкаваўся юбілей Уладзіміра Караткевіча, падавалася, што гэта было такім калектыўным шанаваннем постаці паэта і пісьменніка. Супольные чытанне-цытаванне яго вершаў, поўных нават не любові, а жарсці да Беларусі, непахіснай веры ў яе адраджэнне, стала вялікай падтрымкай. Нібыта ад самога Уладзіміра Сямёнавіча прыйшла дапамога, нейкая сіла, якая, ведаеш, у часы рэпрэсій, гуманітарнага крызісу, надала магчымасці рушыць далей, не раскісаць, верыць у перамогу. Зараз кантэкст і класік іншыя. На двары — канец 2021 года, мы святкуем юбілей не Караткевіча, а Багдановіча, паэта іншага тэмпераменту, паэта адзіноты, кахання і смерці, ды, вядома, паэта, адданага Беларусі. Для першага пытання, мабыць, вельмі глабальна, але: чым, на тваю думку, нас сёння можа падтрымаць Багдановіч? Куды, на што параіш глядзець у яго творчасці ў такі час?
— Не ведаю, для мяне адзінота, каханне і будучая смерць заўжды былі добрымі імпульсамі, каб чыкільгаць далей і ў прынцыпе варушыць той ці іншай звілінай. Разгортваючы “Вянок” і думаючы над гэтымі вершамі, можна ўсведаміць, што тое самае да цябе рабіў і Антон Луцкевіч, і Уладзіміры Жылка з Дубоўкам, Міхась Стральцоў, Алесь Разанаў, згаданы табой Караткевіч. Ёсць пэўныя рэчы, якія былі і будуць, незалежна ад майго існавання ці існавання нейкіх там дзіўных людзей у дзіўных касцюмах. Таму Багдановіч вельмі падтрымлівае менавіта цяпер. У яго можна сысці і не выйсці, ім можна мераць тэмпературу, урэшце – ён можа падтрымаць талерку з супам ці нарэзкай контрсанкцыйных сыроў, але я так ніколі не раблю.
Калі сур’ёзна, то ён, канечне, наш Віктар Цой. Чалавек за восем-дзевяць год актыўнай дзейнасці пабыў цяжарнай жанчынай, японцам, шведам, перакладчыкам Гарацыя і Верлена, аўтарам эратычных вершаў і твораў пра гаротную долю селяніна, пабыў газетчыкам, лектарам, пісаў апавяданні, казкі і фельетоны, аналізаваў фальклор і метрыку ўкраінскай паэзіі, выдаў паўдзясятка першых крытычных пендзеляў беларускім літаратарам, акрамя таго быў юрыстам, анархістам, складаў турыстычныя даведнікі і эпіграмы. Калі вы шукаеце чалавека, які пастаянна прагнуў навізны і перамен – гэта ён. Калі вы шукаеце чалавека з абсалютнай неўтаймоўнай энэргіяй – гэта таксама ён.

— Ці можна, на тваю думку, назваць сёння Максіма Багдановіча, у пэўным сэнсе, эмігрантам? Мінск, Гродна, Ніжні Ноўгарад, Яраслаўль, Вільня, Мінск, Ялта — гарады, у якім яму давялося жыць за свае 25 гадоў. Якім было яго адчуванне дома, на тваю думку?
— Я думаю, што пра эміграцыю тут казаць можна. Прынамсі, пра ўнутраную дакладна. У той жа час гэта было хутчэй дваістае адчуванне адначасовай эміграцыі і дому. Таго самага, якім з’яўляецца мова. Яшчэ адным домам, акрамя мовы і наогул “беларусікі”, як казаў Адам Багдановіч, для Максіма Адамавіча была праца, справа ці пакліканне. Калі ведаць аб’ём толькі таго, што захавалася, становіцца ясна: ён працаваў увесь свой вольны час. Яраслаўскі бульвар, па якім “праплёванай дарожкай” ходзяць парачкі, увайшоў у беларускую паэзію, але сам Багдановіч, па сведчаннях сяброў, туды не хадзіў. Яму хапала самога факту, каб ператварыць яго ў тэкст. Сама прастора пастаянна станавілася нагодай для верша, які і быў домам. І ў той жа час месцам эміграцыі.
— Я часам пачынаю задумвацца над тым, якім быў бы лёс паэта ў 1930-тыя. Яго смерць у 1917 годзе — гэта што: трагедыя ці не зусім так?
— Гэта ўсё збольшага нейкія вонкавыя штукі і прастора дапушчэнняў. Самая хвароба, безумоўна, уплывала на ўсё, што ён рабіў. Напрыклад, верш “Пагоня”, даволі нехарактэрны для яго, напісаны падчас гарачкі. “У гарачцы добра пішацца”, сказаў тады Багдановіч. Як уплываюць сухоты на змены ў псіхіцы і паводзінах, пра гэта лепш бы гаварылі галіновыя спецыялісты, да якіх я сябе адносіць ніяк не магу.

— Ціхан, што сёння адбываецца са спадчынай паэта і літаратурнага крытыка? Памятаю, як у 2013 годзе ты атрымаў грамату Міністэрства культуры за кнігу «Максім Багдановіч: вядомы і невядомы» і адаслаў узнагароду назад у міністэрства ў знак пратэсту супраць пераўтварэння Літаратурнага музея Максіма Багдановіча ў філіял Музея гісторыі беларускай літаратуры. Музей як асобную ўстанову тады не ўдалося адстаяць: разам з іншымі літаратурнымі ўстановамі ён увайшоў у Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры. Сёння ўжо гаворка ідзе пра тое, што акурат ў гэтым музеі, які ўключае дзевяць філіялаў, не працягваюць кантракты з «непажаданымі» супрацоўнікамі. А як жа Багдановіч? — хочацца спытаць. Хто яго будзе даследаваць?
— Насамрэч, сітуацыя з Багдановічам фактычна заўсёды ў плане даследавання была цікавейшай у параўнанні з астатнімі сферамі. Яго любілі і любяць літаратуразнаўцы, пісьменнікі. Пра яго прыемна думаецца і пішацца. Апошнія гады, з улікам развіцця сеціва, лічбавання архіўных матэрыялаў, багдановічазнаўства проста квітнее – знойдзены добры стос невядомых тэкстаў, у тым ліку рукапісны сшытак вершаў, дасланы Максіму Горкаму. Выходзяць добрыя кнігі: каталог аўтографаў, біяграфія, выпускі архіўных матэрыялаў (калісьці запачаткаваныя ў 1990-я Алесем Бяляцкім).
Спадзяюся, што гэта ўсё не паабсякаюць пад корань. Гэта было б абсурдам, да якога, зрэшты, мы ўжо амаль прывыклі.
— Увогуле, ці не падаецца трошкі парадаксальным такое «дзіўнае суседства свята і пакарання»: у краіне святкуецца 130-гадовы юбілей класіка беларускай літаратуры пры гэтым Саюз беларускіх пісьменнікаў і ПЭН-цэнтр, арганізацыі, якія аб’ядноўваюць творцаў беларускай літаратуры, ліквідаваны па незразумелых прычынах. Выбачаюся, што мы пачалі з Багдановіча, але заканчваем інтэрв’ю вось гэтак. Як існаваць беларускай літаратуры, аўтарам, даследчыкам у такіх варунках?
— Калі бачу, што нешта робіцца для Багдановіча, мне хочацца паўтарыць словы кардынала Рышэльё, маўляў “гэта зроблена дзеля славы Францыі і паводле майго загаду”. Юбілей – нагода ўрэзацца ў бюджэт для добрай справы, нядобрых хапае і без юбілеяў. Любіць добрую літаратуру мы ўмеем і без дзяржаўнага бюджэту. Вось калі развучымся канчаткова, калі ніхто не будзе ведаць “Пагоні” і з цяжкасцю ўспомніць хоць самое імя Багдановіча, вось тады будуць трывожныя званочкі.
Але пакуль варункі хутчэй адваротныя. Паэзія, літаратура – той самы дом, у якім мы можам жыць незалежна ад межаў і візаў. І нават ад калючых дратоў: калі Алесь Бяляцкі ў гэтыя дні піша, што чытае Багдановіча, то як мы можам не быць з ім салідарнымі?